СЯРЭДНЕАЗІЯ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1916,
выступленне народаў Сярэдняй Азіі і Казахстана супраць рас. царызму, выкліканае ўзмацненнем нац. і калан. прыгнёту ў час 1-й сусв. вайны. Штуршком стаў царскі ўказ ад 8.7.1916 аб мабілізацыі мясц. «іншародніцкага насельніцтва» (раней не падлягала прызыву на ваен. службу) на абарончыя работы: 250 тыс. чал. з Туркестанскага, 140 тыс. са Сцяпнога (Казахскага) краёў. Пачалося 17.7.1916 у Хаджэнце (Худжанд), ахапіла Самаркандскую, Сырдар’інскую, Ферганскую. Акмолінскую, Сяміпалацінскую, Сямірэчанскую, Закаспійскую, Уральскую вобл. з насельніцтвам больш за 10 млн. чал. (узбекі, таджыкі, туркмены, казахі, кіргізы і інш.). Мела пераважна характар сял. вайны, удзельнічалі і гараджане. Працоўныя кідалі работу, насельніцтва ўцякала ў стэпы і за мяжу, адбыліся шматлікія ўзбр. паўстанні супраць рас. адміністрацыі, якія часам суправаджаліся нападамі на рус. паселішчы. Найб. арганізаванае было ўзбр. паўстанне казахаў Тургайскай вобл. на чале з Амангельды Іманавым. У студз. 1917 царскія войскі ў асн. ліквідавалі паўстанне, якое часткова сарвала мабілізацыю (да сак. 1917 з Туркестана адпраўлена толькі 123 тыс. чал.).
т. 15, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)